Радзімы куток – УО «Кличевский ГАТК»

Радзімы куток

«Кожны з нас прыпасае Радзімы куток, каб да старасці чэрпаць адтуль успаміны…” Менавіта гэтыя словы знакамітага паэта Пімена Панчанкі натхнілі мяне на гэты артыкул.

Працэс выхавання маладых людзей няпросты, часам складаны ў сваей аснове. Мы не раз пераконваліся ў тым, што гэты працэс залежыць перш за ўсе ад абставін і ўмоў, што склаліся ў грамадстве, сям’і, калектыве – ад асяроддзя, дзе жыве і выхоўваецца малады чалавек. Будучыня любога грамадства, яго сіла цалкам залежыць ад маральнага вобліку падрастаючага пакалення, яго патрыятызму, працавітасці, культуры. Таму педагагічны калектыў каледжа шмат увагі ўдзяляе выхаванню ў навучэнцаў любові да сваей Айчыны, роднай мовы, беларускай культуры.

Невыпадкова ў год малой Радзімы з’явілася рэальная магчымасць далучэння да гісторыі роднага краю. У каледжы патрыятычнае выхаванне пачынаецца з прабуджэння цікавасці да мінулага сваей малой Радзімы, да тых рэчаў, якія зроблены рукамі продкаў, да пяшчотных краявідаў родных мясцін. Выкладчыкамі і навучэнцамі ствараецца асаблівая атмасфера адраджэння нашай Бацькаўшчыны. Прыгожыя карціны з краявідамі роднага краю, гербы гарадоў Беларусі ўпрыгожваюць кабінеты і калiдоры каледжа. Створаны прыгожы нацыянальны куток, дзе велічна стаіць цудоўны драўляны конь з фурманкай. Гэта сумесная праца навучэнцаў і майстроў вытворчага навучання. Экскурсаводы каледжа пры правядзенні экскурсій распавядаюць гасцям пра тое, што конь доўгія стагоддзі быў надзейным памочнікам гаспадара ў яго нялегкай сялянскай працы. Работа на кані і абслугоўванне яго ў вольны час прывучала дзяцей да працы, развівала любоў да жывой прыроды, фарміравала найлепшыя рысы характару.

У каледжы праводзіцца работа па творчым выкарыстаннi традыцый, абрадаў у выхаванні навучэнцаў. Перад вучнямі каледжа адкрываюцца старонкі творчасці літаратараў роднага краю. Усімі гэтымі сродкамі можна ўздзейнічаць на фарміраванне светапогляду вучняў і тыповых рысаў характару беларусаў: разважлівасці, памяркоўнасці, кемлівасці, добразычлівасці, спагадлівасці.

Галіна Улашчанка, выкладчык

Оставьте комментарий