Беларусь памятае

Напярэдадні Дня Незалежнасці актывісты пярвічнага аб’яднання ГА «БРСМ» УА «Клічаўскі ДАТК» далучыліся да акцыі «Беларусь памятае. Памятаем кожнага».

У гэтыя дні кожны з нас можа ўшанаваць памяць герояў Вялікай Айчыннай вайны. Для таго, каб наведаць памятныя мясціны, не патрэбны асаблівыя фінансавыя сродкі, проста трэба знайсці час і зрабіць гэта. Галоўнае — памятаць. 1 ліпеня навучэнцы ўсклалі кветкі ва ўрочышчы «Лясная» блізу вёскі Паплавы. Тут знаходзіцца пахаванне ахвяр фашызму — 300 мірных жыхароў яўрэйскай нацыянальнасці, расстраляных 14 кастрычніка 1941 года. У 1965 годзе на гэтым месцы быў усталяваны помнік, за якім даглядаюць работнікі каледжа і навучэнцы. Хай нашы добрыя справы стануць сімвалам памяці і ўдзячнасці ўсім ветэранам і ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, доблесным абаронцам Айчыны.

Паклонімся кожнаму пахаванню, дзе спачываюць целы тых, хто аддаў сваё жыццё за нашы мірныя дні. І хай кожны пагорак абаронцаў Айчыны ў розныя цяжкія для нашай краіны часы не застанецца без нашай клопату і ўвагі. У падзяку за мірнае неба, шчаслівае дзяцінства і юнацтва, свабоду і магчымасць спакойна жыць і працаваць мы з гонарам пронесём Эстафету памяці, вернасці, патрыятызму.

3 ліпеня ўся краіна адзначала галоўнае дзяржаўнае свята — Дзень Незалежнасці. Навучэнцы Клічаўскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа прынялі актыўны ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці свята. Падчас гарадской патрыятычнай акцыі “Вахта Памяці” у горадзе Клічаве адбыўся мітынг каля помніка воінам, якія загінулі ў баях за вызваленне Радзімы. У мітынгу прынялі ўдзел прадстаўнікі раённай улады, працоўных калектываў, навучэнцы каледжа, школьнікі. Ганаровае месца занялі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны.

Для кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь вельмі важна захаваць і прымножыць гераічную памяць свайго народа. У гэты дзень кожны з нас памятае пра тое, што беларускі народ цаной неймаверных страт заваяваў свабоду і незалежнасць Радзімы і ў далейшым не паступіцца ні пядзяю сваёй незалежнасці.

Галіна Улашчанка, выкладчык

Оставьте комментарий

Перевести »